ФРАНЦУ́ЗСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў. Афіц. мова Францыі, Манака, Бельгіі (разам з нідэрландскай і ням. мовамі), Швейцарыі (разам з ням. і італьян.), Канады (разам з англ.), Люксембурга (разам з ням.), Андоры (разам з ісп. і каталанскай), Вануату (разам з англ.); адзіная ці адна з афіц. моў у шэрагу краін Афрыкі. Адна з афіц. і рабочых моў ААН. Мае дыялекты: франсійскі (дыялект Іль-дэ-Франса, гіст. аснова сучаснай Ф.м.), паўночныя (нармандскі, пікардскі, валонскі ў Бельгіі), заходнія (анжуйскі, гало і інш.), паўд.-заходнія (пуацевінскі і інш.), цэнтральныя, паўд.-ўсходнія (латарынгскі, шампанскі), франка-правансальскія (займаюць прамежкавае становішча паміж Ф.м. і аквітанскай). У наш час назіраецца распад дыялектаў і фарміраванне рэгіянальных мадыфікацый агульнафранц. мовы. У Ф.м. набылі крайнюю ступень выражэння многія агульныя гіст. тэндэнцыі раманскіх моў. Ф.м. ўласцівы: у фанетыцы — проціпастаўленне галосных паводле пад’ёму, рада, лабіялізацыі, назалізацыі; адсутнасць дыфтонгаў; сістэма зычных бяднейшая, чым у інш. раманскіх мовах (менш палаталізаваных фанем, няма афрыкат); націск заўсёды на апошнім складзе; у марфалогіі — аналітызм, тэндэнцыя да марфал. нязменнасці слова, шырокае ўжыванне службовых слоў; у сінтаксісе — тэндэнцыя да двухсастаўнасці сказа, дзеяслоўнасці выказніка, фіксаванага і прагрэс. парадку слоў; у лексіцы — большасць слоў лац. паходжання, ёсць запазычанні з герм., англ., грэч. і інш. моў. На аснове Ф.м. ўзніклі некат. крэольскія мовы (на Гаіці, у штаце Луізіяна ЗША, на Малых Антыльскіх і Маскарэнскіх а-вах). Мае нац. варыянты ў Бельгіі, Швейцарыі, Канадзе, а таксама асаблівасці, якія датычацца пераважна фанетыкі і лексікі ў краінах Афрыкі. Першыя пісьмовыя сведчанні Ф.м. — «Рэйхенаўскія глосы» (8 ст.), першы звязны тэкст — «Страсбургскія клятвы» (842). Пісьменства на аснове лац. алфавіта (з дадаткам дыякрытычных знакаў і лігатур).

Літ.:

Гак В.Г. Введение во французскую филологию. М., 1986.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 16, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)